Змены ў сацыяльнай сферы з 1 жніўня
З 1 жніўня адбудуцца змены, якія закрануць пенсіянераў, людзей з інваліднасцю, маці ў дэкрэтным адпачынку і некаторыя іншыя групы насельніцтва.
Павялічыцца бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ)
У Беларусі з 1 жніўня вырасце бюджэт пражытачнага мінімуму. Гэты паказчык павялічыцца да 230,92 рубля. Гэта на 6,89 рубля, або 3,1 %, вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў з 1 мая да 31 ліпеня гэтага года.
Павысяцца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі і некаторыя надбаўкі
Даплаты да пенсій непрацуючым пенсіянерам, якія дасягнулі 75 і 80 гадоў, услед за БПМ таксама вырастуць і складуць:
- для 75 гадоў – 43,3 рубля;
- для 80 гадоў – 57,73 рубля.
Сацыяльная пенсія інвалідам 1-й групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, складзе 254 рублі;
- інвалідам з дзяцінства 2-й групы – 219,37 рубля;
- інвалідам 2-й групы (акрамя інвалідаў з дзяцінства), дзецям у выпадку страты карміцеля – 196,27 рубля;
- інвалідам 3-й групы – 173,18 рубля;
- дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры першай ступені страты здароўя – 184,73 рубля;
- пры другой ступені страты здароўя – 196,27 рубля;
- пры трэцяй ступені – 219,37 рубля;
- пры чацвёртай ступені – 254 рублі.
Мінімальная пенсія па ўзросце (без уліку даплаты ў 20 % ад сярэдняй зарплаты) складзе 57,73 рубля.
Вырастуць дапамогі на дзяцей
Павелічэнне БПМ адаб’ецца і на аднаразовай дапамозе ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці, якая цяпер будзе раўняцца 2309,1 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей памер аднаразовай дапамогі складзе 3232,74 рубля.
Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складзе 230,91 рубля.
Дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (штомесячная) складзе 115,46 рубля.
Дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем’яў, прадугледжаных заканадаўствам (штомесячная):
- на дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем’ях (акрамя дзяцей-інвалідаў), –115,46 рубля;
- на дзяцей-інвалідаў, старэйшых за 3 гады, – 161,64 рубля.
Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (штомесячная):
- з І і ІІ ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў – 230,91 рубля;
- з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 3 гадоў – 230,91 рубля;
- з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў – 277,09 рубля;
- дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека (штомесячная), складзе 161,64 рубля.
Павялічацца мінімальныя спажывецкія бюджэты
З 1 жніўня таксама павышаюцца памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго члена сям’і рознага складу.
Памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў складуць:
- для працаздольнага насельніцтва – 473,67 рубля;
- для пенсіянераў – 368,92 рубля;
- для студэнтаў – 349,16 рубля;
- для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў – 300,01 рубля;
- для дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў – 396,92 рубля;
- для дзяцей ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў – 401,54 рубля;
- для сям’і з чатырох чалавек – 369,65 рубля;
- для маладой сям’і з трох чалавек – 403,04 рубля.
Нагадваем, што сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям’і з чатырох чалавек служыць асновай для вызначэння права грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў; грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, – на атрыманне льготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў.
Павысяцца працоўныя пенсіі і пенсіі па ўзросце
Нагадаем, што з 1 жніўня гэтага года павышаюцца пенсіі – у сярэднім на 6,6 працэнта. Сярэдні памер працоўнай пенсіі складзе 438 рублёў, сярэдні памер пенсіі па ўзросце – 446,1 рубля.
Надбаўкі, павышэнні і даплаты да пенсій будуць таксама паднятыя, але гэта адбудзецца дзякуючы таму, што паднімецца памер бюджэту пражытачнага мінімуму.
Святлана Бусько, «Звязда», 25 ліпеня 2019 г.