/ / Новости PRAVO.BY
04.07.2023

Да 170-годдзя ўтварэння пажарнай службы Беларусі ўстаноўлены юбілейны медаль

Указам Кіраўніка дзяржавы ад 4 ліпеня 2023 г. № 202 устаноўлены юбілейны медаль «170 год пажарнай службе Беларусi» і зацверджаны Палажэнне аб ім, апісанне і ўзор пасведчання да яго.

Пасведчанне

Медаль мае форму круга, на вонкавым баку якога на фоне прамянёў, якія радыяльна разыходзяцца ад цэнтра, размешчана выява старажытнай пажарнай каскі, пакладзенай на сякеру і пажарны ствол. У верхняй частцы медаля – дэвізная стужка з надпісам «170 ГОД», у ніжняй – надпіс «ПАЖАРНАЙ СЛУЖБЕ БЕЛАРУСI», па баках ад якога – фрагменты беларускага арнаменту.

На адваротным баку па акружнасці выкананы надпіс «МIНIСТЭРСТВА ПА НАДЗВЫЧАЙНЫХ СIТУАЦЫЯХ». У цэнтры на фоне абрысаў эмблемы Міністэрства знаходзіцца выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

Медаль уручаецца:

  • работнікам і грамадзянскаму персаналу органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў;
  • ветэранам пажарнай службы, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, іншым асобам, у тым ліку замежных дзяржаў, за значны ўклад у развіццё і ўдасканальванне дзейнасці ў сферах абароны насельніцтва і тэрыторый Рэспублікі Беларусь ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, забеспячэння пажарнай, прамысловай, ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, грамадзянскай абароны, за ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў і іншых арганізацый з органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях.

Паўторнае ўзнагароджанне медалём не ажыццяўляецца. Дублікаты медаля і пасведчання да яго ўзамен згубленых не выдаюцца.

Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Сачыце за раздзелам «Официальное опубликование».

Іншыя навіны Pravo.by.

Па інфармацыі Нацыянальнага прававога Iнтэрнэт-партала Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на Нацыянальны прававы Iнтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь абавязковая!

Нашли ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите «Ctrl+Enter».