9 мая. Універсал літоўскай рады аб рэкруцкім паборы

9 мая. Універсал літоўскай рады аб рэкруцкім паборы

№ 7. Ад Нарадовай рады. Універсал у ваяводствы, паветы і галоўныя гарады ВКЛ

Абывацелі! Вам ужо вядома аб спраўнай перамене, з якой прадбачанне адвярнула нас ад тае бездані, у якую нас пхалі не столькі знешнім прымусам, колькі здрада ўласных суродзічаў. Вядома ўжо, як той жаўнер, якому забаронена быць мужным, узняў у роспачы зброю помсты нялюдскаму тырану крыўд і зняваг, нанесеных Айчыне. Ужо ведаеце, як літасцівы бог паблагаславіў тыя святыя мэты, якія прадпрыняты на паўстанне народа, а ў ім і на пабудову вашага шчасця. Аднак дарэмнымі былі б усе пачынанні, калі б вы, шаноўныя абывацелі, самі не шукалі хуткай, спраўнай і яўнай абароны на ўласнае выратаванне. Таму Найвышэйшая рада літоўскага народа як сваім універсалам, выдадзеным 1 мая бягучага года, загадала даставіць з 5 земляробскіх дымоў рэкрута на засіленне лінейнага войска, так і зараз, вас, шаноўных, абавязвае таго рэкрута паставіць у г. Вільна з бліжэйшых ваяводстваў не пазней як на працягу 2 тыдняў, а з адлеглых, як і са Жмудскага княства, на працягу 4 тыдняў уласным коштам уласнікаў маёнткаў, якія рэкруты будуць разабраны па карпусах, а ў карпусах стануць атрымліваць жалаванне з публічнага скарбу. Нарадовая рада абавязвае вас міласцю дабра вашай Айчыны і вас саміх, каб кожны ўласнік і пасэсар пры кожным дастаўленым рэкруце здаў у касу скарбовай дэпутацыі па 100 злотых у гатоўцы, або ў прапорцыі такой вартасці прадуктамі ў дэпутацыю забеспячэння.

Акрамя згаданых 5-дымовых земляробскіх рэкрутаў у лінейнае войска, Нарадовая рада асобна ж вызначае аднаго ахвотніка з касой, дзідай або сякерай пад каманду мясцовага генерал-маёра адпаведнага ваяводства ці павета, які будзе ўтрымлівацца распараджэннямі таго генерал-маёра ў павятовым горадзе, або ў парафіянальных мястэчках. Харч жа таму ахвотніку трэба даць з тых 5-ці дымоў, з якіх ён выбраны, а недахоп таго ўласнік пакрые з сялян уласнага падданства ўласнай дбайнасцю. Усе гэтыя ахвотнікі не будуць рэкрутамі, а таму не і належаць да камплектавання карпусоў краёвага войска і па мінаванні патрэбы будуць вернуты ў свае дамы.

Нарэшце, нарадовая рада звяртаецца да вас, брацця шляхта, якую лёс пасяліў у ваколіцах і якую больш за маёнткі займае клопат, мужнасць і міласць да Айчыны. Не фарсіце ахвераваннямі на Айчыну, чаго нікому не дано ні перавысіць, ні занізіць. У належнае ад вас ахвераванне ваша Айчына не чакае ніякіх іншых багаццяў, як толькі таго, што кожны здольны ёй прысвяціць, каб толькі памяталі, што з бацькоў і дзедаў з’яўляецеся часткай доблеснага рыцарства і ўсе свае сілы лучылі на ўласную абарону. Такім разам рада вызначае з 5-ці дымоў шляхты, якая не мае падданых, аднаго ахвотніка вярхом з шабляй, дзідай, пісталетам і харчам з тых жа 5-ці дымоў шляхты стаць да генерал-маёра свайго ваяводства або павета і яго арданансаў слухацца.

Жадаючы жа мець трывалы парадак і выкананне ваяводствамі і паветамі патрабаванняў сваіх універсалаў аб утрыманні паспалітага рушання на абарону Айчыны, рада забараняе цывільна-вайсковым і парадкавым камісіям разам з ягомосцямі генерал-маёрамі ваяводстваў і паветаў рабіць усялякія асобныя і самастойныя ўстанаўленні, а заўжды як мага пунктуальней працаваць над хуткім і паспяховым выкананнем універсалаў рады шляхам узаемных паміж сабой зносін ці то праз разсылку аб’яў па ўсіх парафіях, ці то з ужыццем асоб, руплівых духам служыць Айчыне на ўсеагульнае ўзбраенне. Абывацелі, не замінайце ўсіх тых сваіх абавязкаў па выправе ў лінейнае войска конных і пешых ахвотнікаў з 5-ці шляхецкіх земляробскіх дымоў, так як і ў справядлівым раскладзе рэкрутаў з 25-ці земляробскіх дымоў згодна з прысягамі пад тарыфамі апошняй люстрацыі. Тая ж рада заклінае міласцю Айчыны ваяводскіх і павятовых генералаў мець у гатоўнасці тых конных і пешых ахвотнікаў па першаму вызаву іх у любую каманду краёвага войска і як мага хутчэй асобнымі рапартамі паведаміць Найвышэйшай радзе, колькі рэкрутаў павінна выйсці ў карпусы краёвага войска. Акрамя таго, Найвышэйшая рада асцерагае валанцёраў, якія добраахвотна пайдуць на службу Айчыне, як мага хутчэй прыставаць да дывізій краёвага войска, дзе каму зручней трапіцца або падабацца будзе, заўжды ў субар дынацыі з генераламі дывізій.

Абывацелі! Памятайце тое, што вольнасць зямлі, на якой жывеце, не толькі набыта ахвераваннямі, але, звыш таго, паліта крывёю вашых продкаў, клопаты якіх вы павінны ўшанаваць з удзячнасцю. Што можа быць вартым вашага наследвання, як не мужнасць вашых прадзедаў, мужнасць, якой абавязаны і вашыя свабоды і вольнасці права, мужнасць, якую слаўны Літоўскі статут наказвае стратай гонару і маёнтка таго, хто бы ўцёк з поля бітвы. Пры сучаснай патрэбе рада ўзнаўляе тое права ў артыкуле 14 раздзела 2-га ў самым дакладным значэнні. Пакажыце, абывацелі, як спраўна і адважна ўмееце служыць вашай Айчыне, што калі на яе паўстанне краёвае войска зрабіла пачын, то вы з ім злучаецеся, вы яму дапамагаеце, вы разам з ім жадаеце дабівацца шчасця вашай Айчыны. Пакажыце, што няма сярод вас такіх, хто б з сорамам уцёк з пляца бітвы або не выбраў смерць перад ганебнай няволяй.

Абывацелі! Нарадовая рада ўласна да вас звяртаецца! Усе вы абавязаны бараніць сваю Айчыну. Усіх вас драпежны непрыяцель пазбавіць бяспекі, маёнткаў, хатаў, вашага жыцця, нават святыні самога бога і алтароў, калі вы самі залозніцеся з ахвераваннем, да якой вас рада кліча! Няхай тыран, які не мае правілаў людскасці, які не насмактаўся ні крыві людскай, ні грабяжу, яшчэ больш уразіцца тым, што на той зямлі, на якую ён найшоў, якую бязбожна пустошыць і нішчыць, не знойдзецца рукі, якая б не ўзялася за зброю для помсты ўчыненых крыўд і знявагі. Лучыцеся супольна ўсе! Нічога не шкадуйце для Айчыны, калі жадаеце саміх сябе і вашых дзяцей абараніць ад драпежнага і заядлага наезніка. Пачуйце бога, які благаславіў дабро вашай справы, адгукніцеся на мужнасць вашага жаўнера, мужнасць, растаптаную здрадай, аднак абуджаную спраўным адчаем, звярніцеся да сваёй дбайнасці, якая ўсё адолець можа! Свае жа думкі так угрунтуйце мужна, каб ні паражэнні, ні перамогі ніколі не пахіснулі вашу энергію!

Каб гэты універсал як мага хутчэй дайшоў да ведама кожнага, усім установам і краёвым юрысдыкам, а асабліва цывільна-вайсковым камісіям і магістратам, загадваецца неадкладна разаслаць ва ўсе парафіі адпаведнага ваяводства ці павета і абвясціць з амбонаў. Рабілася ў Вільна на сесіі Найвышэйшай рады літоўскага народа ў палацы Рэчы Паспалітай месяца, дня 9-га 1794 года.

Юзаф Несялоўскі, ваявода навагрудскі

Юзаф Пац, стараста вілейскі

Міхаіл Грабоўскі, канюшы літоўскі

Бенедыкт Марыконі, пісар ВКЛ

Станіслаў Мірскі, пісар ВКЛ

Томаш Ваўжэцкі, эксхарунжы ВКЛ

Бенедыкт Карп, харунжы упіцкі

Антон Хлявінскі, генерал-маёр

Міхаіл Брастоўскі, стараста мінскі

Мікалай Мараўскі, экспісар вайсковы

Ежы Белапятровіч, экспісар вайсковы

Мікалай Нагурскі, харунжы Шавельскага павета

ксёндз Мартын Пачобут, рэктар віленскай акадэміі

ксёндз Міхаіл Карпіловіч, архідзьякан смаленскі

Самуэль Корсак, палкоўнік ВКЛ

Антон Тызенгауз, харунжы, прэзідэнт Вільна

Валенцій Гарэцкі, войскі віленскі

Дамінік Нарбут, войскі лідскі

Тадэвуш Высагерд, войскі прэнскі

Антон Лахніцкі, віцэ-прэзідэнт Вільна

Міхаіл Агінскі, дэлегат віленскі

Томаш Умастоўскі, дэлегат ашмянскі

Юзаф Кастравіцкі, дэлегат лідскі

Міхаіл Граноўскі, сакратар каронны ад Трокаў

Антон Прозар, дэлегат ковенскі

Вінцэнт Мінкевіч, дэлягат месца Вільна

***

АЗПРІ, ф. 79, воп. 6, с. 1837, л. 215—216. Тэкст друкаваны. Пераклад з польскага рэд-ра.

Анішчанка, Я. К. Збор твораў: у 6 т. / Яўген Канстанцінавіч Анішчанка. — Мінск: В. Хурсік, 2004.

Т.2: Імем Айчыны: Дакументы паўстання 1794 г. у Літоўскай правінцыі. — 2004. — С. 33—37.