/ / Общественно-политические
19.11.2018

Наколькі аб'ектыўна становішча сям'і прызнаецца сацыяльна небяспечным?

Цягам апошніх трох гадоў у сталіцы каля дзвюх тысяч непаўналетніх з 1,5 тысячы сем'яў прызнаюцца дзецьмі, якія пражываюць у сацыяльна небяспечным становішчы (СНС). Дзве трэці з іх на працягу года здымаюць з уліку, бо сітуацыя ў сям'і нармалізуецца. Аднак працягласць тэрміну знаходжання ў СНС не вызначаецца, а законны прадстаўнік дзіцяці сёння не мае права абскардзіць у судзе рашэнне пра сацыяльную небяспечнасць, якая прысвойваецца часам паспешна, калі ў сітуацыі разабраліся недастаткова. Праз такія недарэчнасці Дэкрэт Прэзідэнта № 18, здараецца, успрымаецца не ў якасці дапамогі, а як татальны кантроль і суцэльныя праверкі. Пра аб’ектыўнасць вызначэння ў СНС і магчымасці спрашчэння і ўдасканалення гэтай працэдуры разважае Зінаіда ВАРАБ'ЁВА, загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.

Лишение родительских прав

Дзяцей – вучыць, бацькоў – працаўладкоўваць

Рашэнні аб прызнанні дзяцей такімі, якія апынуліся ў СНС, прымаюцца саветамі па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў ва ўстановах адукацыі або педагагічнымі саветамі.

– Пры гэтым установа адукацыі ставіць дзяцей на ўлік і арганізуе міжведамасную работу па аказанні дапамогі сям'і, далучаючы да гэтага медыкаў, супрацоўнікаў установы сацыяльнай абароны, міліцыю. Усё гэта робіцца педагогамі дадаткова да іх непасрэдных абавязкаў, – гаворыць Зінаіда Вараб'ёва. – Акрамя таго, настаўнікі дапамагаюць бацькам працаўладкавацца, лячыцца ад алкагалізму, наладзіць стасункі ў сям’і. Адным словам, робяць усё, каб не разлучыць малых з бацькам і маці. Аднак выглядаюць усе гэтыя намаганні як грамадскае даручэнне і ўспрымаюцца хутчэй як рэкамендацыі, паколькі ні медыкі, ні міліцыянеры не падпарадкоўваюцца ўстановам адукацыі.

Узаконеныя паўнамоцтвы раздаваць даручэнні дапамагчы нармалізаваць сітуацыю ў сям’і кампетэнтным спецыялістам маюць, прынамсі, камісіі па справах непаўналетніх, якія вырашаюць, калі дзецям патрабуецца абарона дзяржавы.

Прызнаць нельга абскардзіць

Хоць за 12 гадоў дзеяння дэкрэта работа вядзецца, ужо планава і ў прынцыпе эфектыўна, аднак яна патрабуе неймаверных высілкаў ад педагогаў. І ці ўсё так добра, калі асноўную работу па нармалізацыі адносін у сям’і выконваюць установы адукацыі, спецыяліст Мінгарвыканкама не ўпэўнена.

Установы адукацыі падчас вызначаюць у сям’і СНС, фактычна выкарыстоўваючы гэтую меру як пакаранне ўпартых бацькоў, альбо проста таму, што не разабраліся ў сітуацыі. Напрыклад, дзейнічалі па заяве аднаго з бацькоў ці нават сваякоў.

– Практыка паказвае, што рашэнні, калі сям’я трапіць на ўлік і калі перастане лічыцца сацыяльна небяспечнай, прымаюцца не заўжды аб’ектыўна і залежаць ад канкрэтнай школьнай адміністрацыі і вопытнасці яе спецыялістаў, – настойвае эксперт. – Часам людзі патрабуюць прызнаць сацыяльна небяспечнымі чужыя сем’і. Літаральна днямі заяўніца настойвала, каб дзяцей суседкі зверху паставілі на ўлік СНС. На маё пытанне навошта, яна адказала: «Няхай да іх прыходзяць камісіі і кантралююць». З іншага боку, тым, хто трапіў на ўлік, цяжка аспрэчыць такое рашэнне. Нязгодныя павінны спачатку абскардзіць рашэнне ў дырэктара, а пасля – у начальніка ўпраўлення. Аднак я не ведаю ніводнага выпадку, калі б дырэктар ці загадчык садка адразу, без цяганіны, скаргаў у розныя ўстановы, адмяніў рашэнне пра СНС, прынятае саветам па прафілактыцы школы або педсаветам дашкольнай установы.

Добрая работа можа быць лепшай

Каб работа з вызначэннем сацыяльнай небяспечнасці была сапраўды эфектыўнай, яе трэба праводзіць на больш высокім узроўні, упэўнена загадчык сектара. У Міністэрства адукацыі ўжо ёсць прапановы міжведамаснай рабочай групы па распрацоўцы праекта пастановы Саўміна, якая рэгулюе парадак і тэрміны абследавання ўмоў жыцця і выхавання дзяцей, парадак выяўлення і прызнання непаўналетніх дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Мяркуецца, што трэба надзяліць гэтай кампетэнцыяй каардынацыйныя саветы па рэалізацыі Дэкрэта № 18. Гэта паспрыяе аб'ектыўнасці прыняцця рашэнняў, павысіць адказнасць суб’ектаў прафілактыкі і, як вынік, – рэзультатыўнасць мерапрыемстваў, што праводзяцца, упэўнена Зінаіда Вараб’ёва:

– Пры гэтым вынік дзейнасці дэкрэта і так досыць добры. Утрая зменшылася колькасць рашэнняў па пазбаўленню бацькоўскіх правоў, зачынена дзесяць інтэрнатных устаноў. Аднак гэта не азначае, што добрую работу нельга зрабіць лепшай. Трэба перадаць паўнамоцтвы прымаць рашэнне аб прызнанні дзяцей такімі, якія апынуліся ў СНС, камісіям па справах непаўналетніх. Тады ўстановы адукацыі перастануць выконваць некалькі не ўласцівыя ім функцыі па арганізацыі ўзаемадзеяння паміж спецыялістамі розных устаноў пры выкананні патрабаванняў дэкрэта.

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 17 лістапада 2018 г.