/ / Общественно-политические
30.05.2016

Ці павялічыцца перадпенсійны ўзрост, у якім выпадку працадаўца не мае права не падоўжыць кантракт?

Ці павялічыцца перадпенсійны ўзрост, у якім выпадку працадаўца не мае права не падоўжыць кантракт? Калі будуць выходзіць на пенсію вайскоўцы і міліцыя? Якая выслуга гадоў будзе патрэбна дзяржслужачым? На гэтыя і іншыя пытанні нашым чытачам адказалі падчас «прамой лініі», якая адбылася ў «Звяздзе» 19 мая, спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — начальнік упраўлення арганізацыі пенсійнага забеспячэння Алена Дронава і кансультант упраўлення пенсійнага заканадаўства Аляксандра Самадумская.

— Быхавец Людміла Аркадзеўна са Смаргоні. У мяне да вас такое пытанне: цяпер усе гавораць аб страхавых унёсках, але калі я сыходзіла на пенсію ў 90-х гадах, нічога такога не было, і гаворка пра іх не вялася. Так што атрымліваецца — нам такі стаж не залічваецца?

— Вы ведзяце гаворку пра стаж, які напрацавалі да выхаду на пенсію? Скажыце, калі ласка, калі вы выйшлі на пенсію?

— У 1995 годзе.

— У такім выпадку вам быў залічаны ўвесь напрацаваны вамі стаж. У часы СССР перыяд працы людзей, якія падлягалі сацыяльнаму страхаванню, прыраўноўваецца да перыяду працы з уплатай страхавых унёскаў. У вашым выпадку Указ №534, калі вы яго маеце на ўвазе, не аказвае ўплыву ні на атрыманне права на пенсію, ні на памер пенсіі.

— У мяне яшчэ адно пытанне: скажыце, калі ласка, а наколькі павінна павышацца пенсія пасля дасягнення 75 гадоў?

— Што датычыцца ўзроставай даплаты пры дасягненні чалавекам 75 гадоў, то яе памер складае 75% мінімальнай пенсіі па ўзросце. Сёння памер мінімальнай пенсіі па ўзросце роўны 424 858 рублям, значыць, памер узроставай даплаты — 318 644 рублі.

— Што змяняецца ў пенсіях за выслугу гадоў у настаўнікаў з 2017 года? Колькі трэба стажу, які ўзрост? (Пытанне прыйшло па электроннай пошце.)

— Узрост для прызначэння пенсій за выслугу гадоў будзе паступова павялічвацца, як і агульны пенсійны ўзрост — па 6 месяцаў за год, але не больш чым на 3 гады ў агульнай складанасці. Для набыцця права на гэтую пенсію патрабуецца спецыяльны стаж, працягласць якога застаецца ранейшым: для жанчын — не менш за 25 гадоў, для мужчын — не менш за 30 гадоў педагагічнага стажу.

— Вас турбуе Лішак Валянціна Аляксандраўна, я жыву ў Мядзельскім раёне. Я адпрацавала 24 гады даяркай у саўгасе, потым гэта быў калгас, далей — ГАА. Летась мне споўнілася 50 гадоў, і я палічыла, што мне хопіць гэтага стажу, каб пайсці на льготную пенсію. Але аказалася, што ва ўстанове не захаваліся адпаведныя дакументы, якія б дазволілі мне зрабіць гэта. Я не магу пацвердзіць, што выконвала ўстаноўленую норму: абслугоўвала пэўную колькасць пагалоўя. За 1991 год наогул няма нават дакументаў, якія б пацвярджалі, што наша арганізацыя працавала...

— Валянціна Аляксандраўна, органы сацыяльнай абароны прымаюць рашэнне толькі на падставе пададзеных дакументаў. У такой сітуацыі, без дакументальнага пацвярджэння ўсіх умоў, якія даюць права на датэрміновую пенсію, на жаль, пытанне аб яе прызначэнні не можа быць вырашана станоўча. Са свайго боку, магу сказаць, што працадаўца нясе адказнасць за захаванне дакументаў, неабходных для прызначэння пенсіі, а таксама за іх няпоўнае афармленне. І калі вы лічыце, што вам нанесены матэрыяльны ўрон, вы можаце звярнуцца да свайго працадаўцы па яго кампенсацыю ў добраахвотным парадку альбо ў суд.

— Гэта Германовіч Таццяна Мікалаеўна, г. Заслаўе. Патлумачце, калі ласка, ці ўключаюцца ў працоўны стаж перыяды водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў?

— Таццяна Мікалаеўна, перыяд водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў уключаецца ў агульны працоўны стаж, але ён не ўваходзіць у страхавы стаж. Менавіта стаж працы з уплатай страхавых унёскаў фарміруе права на працоўную пенсію. У якім годзе вы нарадзіліся?

— У 1972-м.

— Значыць, згодна з сённяшнім заканадаўствам, вам неабходна будзе мець 20 гадоў страхавога стажу. Калі іх не будзе — не будзе і права на працоўную пенсію. Калі 20 гадоў страхавога стажу ёсць, то да яго будуць прыбаўлены і гады, калі вы знаходзіліся ў водпуску па доглядзе дзяцей. І ў сукупнасці гэта будзе складаць стаж працы, з улікам якога будзе вылічацца памер працоўнай пенсіі.

— Ці можа настаўнік пачатковых класаў, які аформіў пенсію за выслугу гадоў, працаваць намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы ва ўстанове адукацыі і атрымліваць гэтую пенсію? (Пытанне прыйшло па электроннай пошце.)

— У адпаведнасці з артыкулам 83 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» пенсіі за выслугу гадоў у перыяд работы, якая дае права на гэтую пенсію, не выплачваюцца. Праца на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце пры выкананні ўстаноўленых заканадаўствам умоў уключаецца ў спецыяльны стаж працы, які дае права на пенсію за выслугу гадоў, таму ў перыяд такой працы выплата названай пенсіі не робіцца.

Наступныя два пытанні ад чытачоў, прысланыя нам па электроннай пошце, мы аб'ядналі, таму што адказ на іх спецыялісты Мінпрацы далі адзін і той жа.

Пытанне 1: Мая мама нарадзілася 17.01.1962 года. З 1 жніўня 2015 года з ёй не працягнулі кантракт, і з гэтага ж часу яна знаходзіцца на ўліку ў органе па працаўладкаванні. Агульны працоўны стаж у яе 34 гады. Па накіраваннях у працаўладкаванні ёй адмаўляюць. Ці могуць яе адправіць на пенсію датэрмінова і што для гэтага патрэбна?

Пытанне 2: Падкажыце, калі ласка: у студзені 2017 года мне спаўняецца 55 гадоў. Згодна з новым заканадаўствам тэрмін дасягнення пенсійнага ўзросту ў мяне будзе ў ліпені 2017 года. Установа, у якой я працую, знаходзіцца ў стадыі рэарганізацыі. Мая пасада, хутчэй за ўсё, будзе скарочана. Калі мяне скароцяць, ці магчыма датэрміновае афармленне пенсіі?

Адказ: Такая магчымасць прадугледжана Законам Рэспублікі Беларусь «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Беспрацоўным, якія маюць права на дапамогу па беспрацоўі на працягу 52 каляндарных тыдняў (г.зн. жанчынам пры наяўнасці стажу працы не менш за 33 гады), па прапанове службы занятасці пры адсутнасці магчымасці для працаўладкавання можа быць прызначаная датэрміновая пенсія, але не больш чым за 1 год да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

— Кушэнь Уладзімір Андрэевіч з Брагіна вас турбуе. Мне 59 гадоў. Я маю другую групу інваліднасці па агульным захворванні. Скажыце, калі ласка, праз колькі часу пасля ўстанаўлення дыягназу і пастановы МРЭК мне павінны прызначыць пенсію? Ці ёсць тут нейкі рэгламент?

— Пенсія па інваліднасці прызначаецца з дня ўстанаўлення групы інваліднасці, калі зварот па яе адбыўся на працягу трох месяцаў пасля заканчэння агляду камісіяй. Інакш кажучы, вам трэба звярнуцца па пенсію не пазней чым праз тры месяцы пасля ўстанаўлення групы інваліднасці. Калі ж у вас маюцца нейкія пытанні па тэрмінах яе ўстанаўлення, то з імі неабходна звяртацца ў МРЭК альбо ў Міністэрства аховы здароўя.

— Мяне завуць Грамкоўская Марыя Уладзіміраўна, я з Дзятлаўскага раёна. 2 студзеня гэтага года мне споўнілася 80 гадоў. Я прачытала ў газеце, што мне паложана дабаўка да пенсіі 400 тысяч рублёў. А мне далі 300 тысяч. Чаму так?

— Марыя Уладзіміраўна, тлумачым вам: узроставая даплата ўстанаўліваецца з месяца, наступнага за месяцам дасягнення пэўнага ўзросту (75 або 80 гадоў). Да дасягнення 80-гадовага ўзросту вы атрымлівалі ўзроставую даплату да пенсіі як асоба, якая дасягнула 75 гадоў. Яе памер у лютым складаў 298 371 рубель. Калі вам споўнілася 80 гадоў, замест гэтай даплаты з лютага 2016 года вам сталі выплачваць даплату як асобе, якая дасягнула 80 гадоў. Памер гэтай даплаты ў лютым быў роўны 397 828 рублёў. Яшчэ раз звяртаю вашу ўвагу: яе вам цяпер выплачваюць замест ранейшай даплаты, а не дадаткова да яе. Так што вам даплацілі розніцу паміж гэтымі сумамі. Акрамя таго, раз вам споўнілася 80 гадоў, вам яшчэ з лютага стала выплачвацца і надбаўка на догляд. Яе памер сёння — 212 429 рублёў. Калі вы ў чымсьці сумняваецеся, можаце звярнуцца ва ўпраўленне сацыяльнай абароны, каб вам на падставе вашых пенсійных дакументаў усё грунтоўна растлумачылі.

— Высілко Марыя Паўлаўна з Мінска вас турбуе. Мяне хвалюе такі момант. Зараз ёсць пэўны ўзрост, і калі чалавек яго дасягае, працадаўца не мае права не падоўжыць з ім кантракт. А як будзе, калі трэба будзе выходзіць на пенсію пазней?

— Так, ва Указе Прэзідэнта №180 прапісана, што з асобамі перадпенсійнага ўзросту працадаўца абавязаны падоўжыць кантракт як мінімум да дасягнення імі пенсійнага ўзросту. Гэта тачыцца жанчын, якім споўнілася 53 гады, і мужчын, якія дасягнулі 58-гадовага ўзросту. І калі мяняецца ўзрост выхаду на пенсію, то будзе адпаведна ссунуты і ўзрост, калі працадаўца абавязаны падоўжыць з работнікам кантракт.

— Мая сястра 17 мая пайшла на пенсію ў 55 гадоў. Да гэтага яна даглядала маці і атрымлівала дапамогу па доглядзе. Маці 94 гады, яна ляжачая, мае патрэбу ў пастаяннай дапамозе. Ці будуць маёй сястры на пенсіі плаціць дапамогу па доглядзе? (Пытанне прыслана па электроннай пошце.)

— Такая дапамога прадастаўляецца толькі тым грамадзянам, якія страцілі сродкі да існавання ў сувязі з неабходнасцю забеспячэння пастаяннага догляду асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, і інвалідаў першай групы. Асобы, якія самі атрымліваюць пенсію, права на дапамогу па доглядзе не маюць.

— Вам тэлефануе Кукрас Іван Яўгенавіч з Любанскага раёна. Я 26 гадоў прапрацаваў доярам. У ліпені мне будзе 55. І куды я ні звяртаюся, мне гавораць, што жанчынам ёсць магчымасць пайсці на льготную пенсію (г. зн. на 5 гадоў раней), а для мужчын такой ільготы няма...

— Іван Яўгенавіч, справа ў тым, што згодна з заканадаўствам, якое зараз дзейнічае, права на такі від пенсіі ў нас маюць толькі жанчыны.

— Але ж я працаваў у тых жа ботах, з тым жа самым аміякам, тым больш што стажу ў мяне хапае...

— Гэта ўсё зразумела, але права на гэты від пенсіі ў нас даецца толькі жанчынам. Лічыцца, што толькі для жанчын гэтая праца з'яўляецца дастаткова цяжкай і шкоднай і аказвае неспрыяльны ўплыў на здароўе.

— Я лічу, што калі гэты закон пісаўся, мужчын-дояраў проста не было.

— Гэта не так, мужчыны-дояры былі і ў СССР, але права на льготную пенсію ім ніколі не прадастаўлялася, з улікам таго, што для мужчын такая праца з'яўляецца пасільнай. І цяпер таксама ў законе не прадугледжана адпаведнае палажэнне. Так што вам давалі правільныя адказы на ваша пытанне.

— Мужчыну, якому заставалася 6 месяцаў да пенсіі, наймальнік звольніў за адзінкавае парушэнне працоўнай дысцыпліны. Дагэтуль чалавек спраўна працаваў, парушэнняў не было. Ці меў наймальнік права яго звольніць? І хто цяпер павінен збіраць дакументы на пенсію: сам чалавек, былы наймальнік або органы сацзабеспячэння? (Пытанне прыйшло па электроннай пошце.)

— Прабачце, але пытанні працоўнага заканадаўства не адносяцца да заяўленай тэмы «прамой лініі». Па гэтым пытанні рэкамендуем звярнуцца на інфалінію Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па тэл. 309 9 309, якая працуе штодня з 9-00 да 10-30.

Што тычыцца збору дакументаў, неабходных для прызначэння пенсіі, то непрацуючыя грамадзяне павінны збіраць іх самі. Пры неабходнасці органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аказваюць грамадзянам садзейнічанне ў атрыманні неабходных дакументаў.

— Дубатоўка Галіна Феліксаўна тэлефануе, я жыву ў Мастоўскім раёне. Я са жніўня 1995-га па жнівень 2001 года працавала галоўным бухгалтарам сельскага Савета. Потым, з 2001 года, я была дзяржаўнай служачай. Хачу спытаць: гэтыя 5 гадоў, калі я працавала галоўным бухгалтарам, могуць быць залічаны ў стаж дзяржслужбы?

— Каб адказаць на ваша пытанне, трэба вывучыць штатны расклад вашага сельсавета. Ваша пасада была ў апараце сельскага Савета?

— Не, не была.

— Тады гэты перыяд работы залічаным у стаж дзяржслужбы як праца на дзяржаўнай пасадзе ў дзяржаўным органе па артыкуле 43 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» быць не можа.

Каб залічыць яго па артыкуле 44-м гэтага закона як папярэднюю працу на пасадзе кіраўніка альбо галоўнага спецыяліста дзяржаўнай арганізацыі, вы павінны пацвердзіць, што працавалі ў дзяржаўнай арганізацыі. Ці мела ваша арганізацыя ў той перыяд, калі вы працавалі галоўным бухгалтарам, статус юрыдычнай асобы?

— Не, не мела.

— У такім выпадку, на жаль, уключыць гэты перыяд у стаж дзяржаўнай службы нельга і па артыкуле 44.

«Звязда» ад 28 мая 2016 г.