/ / Новости PRAVO.BY
31.05.2017

Міністр юстыцыі падтрымлівае пашырэнне публікацыі нарматыўных прававых актаў на абедзвюх дзяржаўных мовах

Пра гэта Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі паведаміў падчас сумеснага пасяджэння палат Нацыянальнага сходу, адказваючы на пытанне дэпутата Алены Анісім, члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, аб наданні юрыдычнай сілы неафіцыйным перакладам на беларускую мову нарматыўных прававых актаў, зробленых паводле грамадскай ініцыятывы.

Як зазначыў Міністр, у Рэспубліцы Беларусь дзве дзяржаўныя мовы, таму і нарматыўныя прававыя акты таксама могуць прымацца як на рускай, так і на беларускай мове. Сёння ёсць шэраг нарматыўных прававых актаў, якія прымаюцца і публікуюцца на беларускай мове, напрыклад, значная колькасць розных пастаноў Савета Міністраў, ёсць законы, якія таксама выдаюцца па-беларуску. «Я згодны з тым, што трэба пашыраць і даваць магчымасць публікаваць нарматыўныя прававыя акты на дзвюх мовах: і на рускай, і на беларускай», – сказаў Алег Сліжэўскі

«Вы самі ведаеце, якая існуе практыка: на якой мове закон прыняты, на такой мове ён правамоцны, усё астатняе проста пераклад», – звярнулася Алена Анісім да Міністра. Дэпутат адзначыла: зараз грамадскай ініцыятывай падрыхтавана заканадаўства па-беларуску, дзе абагульнены вопыт і выданага ў ранейшыя часы Грамадзянскага кодэкса, і пераклады, якія друкаваліся ў «Звяздзе», такім чынам грамадская ініцыятыва ўжо за тое, каб падрыхтаваць увесь пакет Грамадзянскага, Крымінальнага кодэкса на беларускай мове. «Пытанне ў тым, як надаць гэтаму юрыдычную сілу, пакуль што гэта немагчыма. Давайце пра гэта падумаем і зробім», – прапанавала Алена Анісім.

«Давайце прапрацуем гэтае пытанне», – пагадзіўся Міністр юстыцыі.

Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!