/ / Новости PRAVO.BY
30.03.2016

Праект Кодэкса аб культуры быў дапрацаваны перад другім чытаннем на вясновай сесіі Парламента

У праект Кодэкса аб культуры быў падрыхтаваны шэраг дапаўненняў і змяненняў, паведамілі журналістам падчас прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры Белта. У агульным да другога чытання на вясновай сесіі Парламента будзе прапанавана 24 дапрацоўкі.

«Неабходнасць падрыхтоўкі Кодэкса абумоўлена патрэбай у комплексным і сістэмным рэгуляванні грамадскіх адносін у сферы культуры», – напомніла прысутным аб пазіцыі дэпутатаў па гэтым пытанні Наталля Кучынская, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы. «Праект Кодэкса характарызуе цэласнасць, сістэмнасць, суаднесенасць з нормамі дзеючага заканадаўства і інавацыйнасць», – дадала яна.

Што змянілася ў праекце Кодэкса? У абноўленым выглядзе дакумент прадугледжвае пашырэнне выкарыстання і папулярызаці беларускай мовы. Напрыклад, замацоўваецца прызнанне беларускай мовы галоўным здабыткам беларускай нацыянальная культуры, найважнейшым фактарам фарміравання беларускага менталітэту. Плануецца пашырыць выданне твораў мастацкай літаратуры, якія маюць значэнне для захавання і развіцця беларускай мовы. Вусная і пісьмовая беларуская мова разам з дыялектамі, графічнымі сістэмамі і арфаграфічнымі традыцыямі аднесена да нематэрыяльных культурных каштоўнасцей.

Грамадскія назіральныя камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны атрымаюць права звяртацца да ўласнікаў гісторыка-культурнай каштоўнасці з прапановамі аб устараненні парушэнняў заканадаўства і паведамляць дзяржорганам пра такія парушэнні.

Таксама рэгламентаваны парадак пацвярджэння статусу творчага работніка ў тых выпадках, калі ён з’яўляецца ці не з’яўляецца членам творчага саюза. Прафесійны сертыфікат творчага работніка выдаецца экспертнай камісіяй, парадак дзейнасці якой таксама вызначаны ў новай версіі праекта. Адной з неабходных умоў для атрымання сертыфіката з’яўляецца наяўнасць вынікаў прэзентацыі (публічнага выканання, друку і г.д.) твора.

Што тычыцца аховы археалагічнай спадчыны, такія нормы праекта Кодэкса прывялі ў адпаведнасць з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2015 г. № 485 «Аб удасканаленні аховы археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў».

Кодэкс таксама ўдакладняе правы народных рамеснікаў, вызначае, хто можа хадайнічаць аб наданні статусу народнага майстра, кампетэнцыю экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах і экспертнай камісіі па аднясенні прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў.

Згодна з прапанаванымі дапрацоўкамі вызначаць крытэрыі аднясення фільмаў да пэўных узроставых катэгорый будзе не Міністэрства культуры, а Савет Міністраў (адпаведны законапрект зараз таксама знаходзіцца ў Парламенце).

Акрамя таго папраўкі закранулі пытанні музейнай справы ў праекце Кодэкса. Так, у якасці абавязковай умовы для стварэння музея вызначана патрабаванне ўвесці штатную адзінку музейнага работніка. Норма дае магчымасць развівацца не толькі дзяржаўным, але і прыватным музеям, кажуць у Міністэрстве культуры. «Нормы Кодэкса аднолькавыя як для дзяржаўных, так і для прыватных устаноў культуры», – патлумачыла Алена Вешторт, начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры.

Яшчэ шэраг дапрацовак закрануў пытанні арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў, дыскатэк і іншых варыянтаў адпачынку.

У першым чытанні праект Кодэкса дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў снежні 2015 года. На абноўлены праект Кодэкса паўплывалі прапановы і меркаванні Міністэрстваў гандлю і фінансаў, Саюза мастакоў, Таварыства беларускай мовы, Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, а таксама Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў. Нарматыўная база будучага Кодэкса складаецца на падставе 7 законаў, 5 указаў, шэрагу пастанаўленняў Савета Міністраў, палажэнняў Міністэрства культуры.

Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыяла спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязковая!